Міжнародны алімпійскі камітэт дазволіў праводзіць спаборніцтвы ў Беларусі

Алімпійскі дом у швайцарскай Лазане падчас правядзкеньня саміту МАК 11 сьнежня 2025 году

МАК на сваім саміце 11 сьнежня зьняў забарону на правядзеньне міжнародных спаборніцтваў у Беларусі.

«Міжнародныя фэдэрацыі павінны працягваць устрымлівацца ад арганізацыі або падтрымкі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў у Расеі. Гэтая рэкамэндацыя больш не распаўсюджваецца на Беларусь», — гаворыцца ў апублікаванай справаздачы МАК.

Акрамя гэтага, юным спартоўцам як зь Беларусі, так і з Расеі цяпер можна ўдзельнічаць у міжнародных юнацкіх спаборніцтвах і ў індывідуальных, і ў камандных відах спорту. Сярод іншага — у юнацкіх Алімпійскіх гульнях «Дакар — 2026».

Дарослыя атлеты такой палёгкі не атрымалі.

Алімпійскі саміт падкрэсьліў, што спартоўцы, асабліва юныя, «не павінны несьці адказнасьць за дзеяньні сваіх урадаў».

Санкцыі супраць дзяржаўных службоўцаў застаюцца ў сіле. Іх па-ранейшаму нельга запрашаць ці даваць ім акрэдытацыю на міжнародныя спаборніцтвы і сустрэчы — ні дарослыя, ні юнацкія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім лыжнікам далі шанец кваліфікавацца на Алімпіяду пад нэўтральным сьцягам