Як паведаміў «Позірк», такую пастанову падпісаў міністар унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі.
Рашэньне патлумачылі «міграцыйным ціскам з боку Беларусі». Буфэрная зона служыць для абароны дзяржаўнай мяжы і барацьбы з кантрабандыстамі, якія на польскім баку забіраюць людзей, што спрабуюць незаконна перасекчы мяжу.
«Мы з задавальненьнем назіраем зьніжэньне міграцыйнага ціску, але на гэтым этапе ня лічым гэта ўстойлівым працэсам і таму будзем выкарыстоўваць усе захады, якія дазволілі б нам спыніць незаконную міграцыю гэтым маршрутам», — заявіў намесьнік міністра Чэслаў Мрочэк.
Забарона на знаходжаньне ў буфэрнай зоне дзейнічае з 13 чэрвеня 2024 году і працягваецца кожныя 90 дзён.
Лістапад стаў першым у 2025 годзе месяцам, калі лідэрства ў колькасьці перадухіленых спробаў парушэньня мяжы зь беларускай тэрыторыі перайшло ад Польшчы (400) да Латвіі (661).
За 11 месяцаў 2025 году Польшча спыніла 28 835 спробаў мігрантаў незаконна трапіць у краіну з боку Беларусі, што на 3,8% менш, чым за аналягічны леташні пэрыяд (29 972).
Пры гэтым апоўначы 17 лістапада паводле варшаўскага часу (а 2-й гадзіне ночы менскага часу) аднавілі працу закрытыя раней Варшавай пункты пропуску Кузьніца Беластоцкая (Брузгі) і Баброўнікі (Бераставіца) на польска-беларускай мяжы.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ доўжыцца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў уважаюць яго за «гібрыдную атаку», арганізаваную рэжымамі ў Менску і Маскве.
Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць празь Беларусь у Эўразьвяз, бо іх туды нібыта паклікалі.
Форум