Галава МЗС Польшчы Сікорскі паслаў Ілана Маска «на Марс»

Радослаў Сікорскі

Міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі жорстка адрэагаваў на заклік прадпрымальніка Ілана Маска распусьціць Эўрапейскі Зьвяз. У сваім паведамленьні ў сетцы X польскі міністар прапанаваў Маску «ляцець на Марс».

Пост Сікорскага стаў адказам на сэрыю паведамленьняў Маска, у якіх той заклікаў да ліквідацыі ЭЗ і «вяртаньня сувэрэнітэту эўрапейскім дзяржавам». У адказ польскі міністар напісаў: «Ляці на Марс. Там няма цэнзуры на нацысцкія прывітаньні».

Словы Сікорскага намякалі на нядаўні жэст Маска падчас жывой трансьляцыі, які многія інтэрпрэтавалі як нацысцкае прывітаньне. Сам Маск абвінавачаньні адхіліў, назваўшы іх маніпуляцыяй.

Словы Ілана Маска пра ліквідацыю ЭЗ прагучалі пасьля таго, як Эўракамісія аштрафавала сетку X на 120 мільёнаў эўра, абвінаваціўшы плятформу ў парушэньні заканадаўства аб лічбавай бяспецы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісія аштрафавала сетку X. Рубіё назваў гэта атакай на амэрыканцаў

Гэты канфлікт паміж польскім дыпляматам і амэрыканскім мільярдэрам не першы. Раней яны ўжо абменьваліся вострымі заявамі ў сувязі зь дзейнасьцю Starlink ва Украіне і крытыкай Маска наконт падтрымкі Кіева.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакрыўджаны работнік скраў у прадпрымальніка пад Магілёвам дзьве тоны сала